Еўрапарламент сёння абмяркуе сітуацыю ў Беларусі пасля выбараў

8 кастрычніка ў другой палове дня Еўрапарламент на пасяджэнні ў Бруселі абмяркуе сітуацыю ў Беларусі пасля парламенцкіх выбараў. Па выніках абмеркавання будзе прынята рэзалюцыя.
Плануецца, што галасаванне па дакуменце адбудзецца 9 кастрычніка. Спачатку было падрыхтавана шэсць праектаў рэзалюцыі — шасцю рознымі фракцыямі Еўрапарламента. 7 кастрычніка пяць фракцый аб'ядналі свае праекты ў адзін.

У ім выказваецца шкадаванне аб тым, што выбарчая кампанія ў Беларусі, нягледзячы на вялікія спадзяванні і невялікія паляпшэнні, не была дэмакратычнай. У праекце рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да беларускага ўрада ўнесці змяненні ў выбарчае заканадаўства і тым самым пацвердзіць сваю гатоўнасць палепшыць выбарчы працэс. Апрача таго, Еўрапарламент заклікае афіцыйны Мінск паважаць правы чалавека і адмяніць смяротную кару.

Аўтары рэзалюцыі заклікаюць еўраструктуры працягваць дыялог з Мінскам і распрацаваць "дарожную карту" для пакрокавага ўзаемадзеяння, а таксама перагледзець абмежавальныя меры. У прыватнасці, прапаноўваецца на шэсць месяцаў прыпыніць дзеянне санкцый да чыноўнікаў, а таксама аблегчыць працэдуры атрымання шэнгенскіх віз для беларусаў і знізіць іх кошт.

Асобны праект рэзалюцыі прадставілі аб'яднаныя еўрапейскія левыя і зялёныя паўночных краін (GUE/NGL). Яе аўтары заклікаюць еўраструктуры да дыялогу і супрацоўніцтва з Мінскам у мэтах развіцця добрасуседскіх адносінаў і ўзаемаразумення. Для гэтага, лічаць яны, неабходна пашырыць афіцыйныя, дзелавыя і культурныя сувязі з Беларуссю.

БелаПАН