Еўрапарламент: У Беларусі няма прагрэсу ў сферы правоў чалавека

Еўрапарламент шкадуе, што пасля шэрагу станоўчых крокаў беларускіх уладаў у краіне няма істотнага прагрэсу ў сферы правоў чалавека і свабод. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай сёння еўрадэпутатамі.
Еўрапарламент заклікаў беларускія ўлады расследаваць выпадкі выкрадання моладзевых актывістаў, а таксама гібелі апазіцыянера з Мар’інай Горкі Валянціна Доўнара.

А таксама перагледзець прысуды, вынесеныя ўдзельнікам "справы чатырнаццаці", у прыватнасці Арцёму Дубскаму, і неадкладна вызваліць з-пад варты ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Ўладзіміра Асіпенку. Еўрадэпутаты выступілі і за "неадкладны мараторый" на смяротнае пакаранне.

Парламентарыі заклікалі Еўракамісію разгледзець магчымасць змяншэння кошту віз для беларусаў і спрасціць працэдуру іх атрымання.

Рэкамендавана таксама стварыць прамежкавы план прыярытэтных рэформ у Беларусі, каб вярнуцца да падпісання Дамовы пра партнёрства і супрацоўніцтва.

Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку і Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця рэкамендавана разгледзець магчымасць павелічэння фінансавай дапамогі нашай краіне, асабліва дробнаму і сярэдняму бізнесу, інфармуе БелаПАН.