Еўрасаюз: "Далейшыя адносіны з Беларуссю залежаць ад рэформаў"

Камісар Еўрасаюза па пытаннях пашырэння ЕС і еўрапейскай палітыцы суседства Штэфан Фюле назваў умову развіцця далейшых адносінаў з афіцыйным Мінскам. Свой выступ у брусэльскім Чэшскім доме старшыня камісіі па пытаннях пашырэння ЕС і еўрапейскай палітыцы суседства прысвяціў эканамічным аспектам праграмы Еўрасаюза "Ўсходняе партнёрства", паведамляе Радыё "Свабода".

Еўракамісар прызнаў, што для поспеху "Ўсходняга партнёрства" неабходны значна больш за зацверджаныя летась фінансавыя рэсурсы, а таксама актыўны ўдзел у гэтай праграме вядучых бізнэс-структур Еўрасаюза. Еўракамісар паведаміў, што ў пошуках дадатковых рэсурсаў ён мае намер правесці перамовы з Сусветным банкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцці.

Значную частку свайго выступу Штэфан Фюле прысвяціў "бясспрэчнаму лідару" "Ўсходняга партнёрства" — Украіне. Закранаючы тэму Беларусі, еўракамісар адзначыў, што далейшае развіццё адносінаў паміж Беларуссю і ЕС залежыць ад гатоўнасці Мінску прыступіць да асноўных дэмакратычных і эканамічных рэформаў.

Фюле адзначыў, што перамовы з Украінай пра асацыяцыю з ЕС плануецца завяршыць сёлета. Такія ж перамовы з Малдовай пачаліся сёлета ў студзені. Таксама накіраваныя на зацвярджэнне перамоўніцкія мандаты з Азербайджанам, Арменіяй і Грузіяй. Што да Беларусі, то Еўракамісія вядзе перамовы наконт часовай дамовы, гэта значыць папярэдняй згоды на асацыяцыю.