"Фатограф каралёў" правёў першую фотасэсію для Аляксандра Лукашэнкі

Вядомы брытанскі фатограф Саша Гусаў ужо пачаў працаваць з Аляксандрам Лукашэнкам. Як даведалася "Салідарнасць", ён здымаў кіраўніка Беларусі падчас параду 3 ліпеня. Нагадаем, некалькі дзён таму стала вядома, што Саша Гусаў, якога называюць "фатографам каралёў і прэзідэнтаў", плануе зрабіць "партфоліё" Аляксандра Лукашэнкі.

Цяпер высветлілася, што фатограф ужо здымаў Лукашэнку на парадзе 3 ліпеня. Беларускія калегі брытанца адзначылі, што Гусаў бегаў праз праспект, ледзь не клаўся пад танкі і ніхто пры гэтым яго не чапаў. Калі б так сябе паводзілі на парадзе беларускія фатографы, у іх бы адразу адабралі фотаапараты.

Як адзначыў адзін з фотакораў, што былі на парадзе, Гусаў працаваў з такім допускам, як і асабісты фатограф Лукашэнкі, меў зносіны непасрэдна з ягоным прэс-сакратаром, на заўвагі і пярэчанні аховы зусім не рэагаваў.

Верагодна, Саша Гусаў неўзабаве прыедзе ў Беларусь яшчэ раз, каб сфатаграфаваць Аляксандра Лукашэнку ў "мірнай" абстаноўцы. Тым часам беларускія інтэрнэт-карыстальнікі абмяркоўваюць, колькі каштуюць паслугі сусветнай славутасці ды з якіх рахункаў іх аплочваюць.