Фільм з беларускімі акцёрамі намінаваны на "Оскар"

2 лютага фільм Хуаніты Ўілсан "Дзверы" (The Door) намінаваны на прэмію "Оскар" у катэгорыі "Лепшы кароткаметражны гульнявы фільм". Як паведамляе сайт "Мы", фільм заснаваны на апавяданні Мікалая Калугіна з кнігі Святланы Алексіевіч "Чарнобыльская малітва", як бацькі губляюць дачку ў выніку чарнобыльскай трагедыі.

Першапачаткова фільм планавалася здымаць у Беларусі, таму ўся папярэдняя падрыхтоўка да здымак і падбор акцёраў адбываліся ў Мінску. Галоўныя ролі ў фільме выконваюць беларускія акцёры Ігар Сігоў (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі) і Джульета Казакевіч-Герынг (маскоўскі тэатр "Школа сучаснай п'есы"). Прадзюсарам у Беларусі быў Ілля Кузняцоў.

Пазней было вырашана здымаць фільм у Прыпяці, адселеным горадзе ва Ўкраіне, што ў 7 кіламетрах ад Чарнобыля.

Цырымонія ўручэння прызоў амерыканскай Акадэміі кінамастацтваў адбудзецца 7 сакавіка ў Галівудзе.