Фінскі абаронца Ханну Пікарайнен пераходзіць у мінскае "Дынама"

Мінскі хакейны клуб "Дынама" абвясціў пра пераход у клуб 26-гадовага фінскага абаронцы Ханну Пікарайнена. Як паведамляе БЕЛТА, Пікарайнен з'яўляецца выхаванцам школы хакейнага клуба ХІФК (Хельсінкі). У гэтай камандзе ён правёў 6 сезонаў у наймацнейшым дывізіёне фінскага чэмпіянату - SM-лізе.

У мінулыя выходныя мінскае "Дынама" абвясціла таксама, што дасягнутыя дамоўленасці пра супрацоўніцтва з яшчэ трыма хакеістамі.

Брамавую лінію ўмацуе добра знаёмы беларускім заўзятарам фін Міка Окса. Ён быў прызнаны лепшым галкіперам беларускай экстралігі. Таксама плануецца, што будучым сезоне склад мінчукоў папоўніць 33-гадовы нападнік з канадска-расійскім грамадзянствам Дэвід Неміроўскі. Кар'еру ў мінскім "Дынама" працягне і 27-гадовы нападнік зборнай Беларусі Аляксандр Кулакоў.