Флікеры раздадуць не толькі прастытуткам - начальнік ДАІ Мінскай вобласці

Сёння ў Інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі раздадуць прастытуткам, якія працуюць на трасах, святлоадбівальныя элементы. Са спасылкай на начальніка Дзяржаўтаінспекцыі Мінскай вобласці Сяргея Маслоўскага паведамлялася, што жанчын лёгкіх паводзін, якія не будуць мець флікераў, будуць вывозіць з месца працы на трасах.

Еўрарадыё датэлефанавалася да спадара Маслоўскага, каб спраўдзіць гэтую інфармацыю. Вось што ён сказаў:

«Прычым тут прастытуткі?! Мы тут усім раздаем флікеры, усім! Усім грамадзянам, якія стаяць на дарозе. А тое, што мне прыпісалі гэтых прастытутак, што мы будзем, дык дзе ж напісана, што гэта прастытуткі?»

Паводле словаў Сяргея Маслоўскага, ДАІ рыхтуецца да восені, калі традыцыйна падвышаецца аварыйнасць на дарогах. Існуе адмысловы фонд бяспекі руху, таму флікераў сапраўды хопіць на ўсіх.