Фонд Шарапавай выдаткуе $250 тысяч на спорт у чарнобыльскіх раёнах
Фонд Марыі Шарапавай выдаткуе 250 тысяч долараў на рэалізацыю новых ініцыятываў для вырашэння постчарнобыльскіх праблем у Беларусі, Украіне і Расіі, паведамляе БелаПАН. Хутчэй за ўсё, гэтыя грошы скіруюць на развіццё спорту для дзяцей з пацярпелых раёнаў. Вядомая тэнісістка лічыць, што вельмі важна, каб дзеці выяўлялі фізічную актыўнасць, не абавязкова, праз які від спорту. Цяпер яна знаходзіцца з візытам у Гомельскай вобласці. Тры гады таму фонд Марыі Шарапавай выдаткаваў 100 тысяч долараў на чарнобыльскія праекты. З гэтай сумы 35 тысяч пайшлі на тры беларускія праекты, скіраваныя на паляпшэнне жыцця ў забруджаных раёнах Гомельскай вобласці. У Брагінскім раёне тады закупілі музычныя інструменты для дзіцячых школ, а ў Чачэрску падтрымалі экалагічны гурток і стварылі пакой для рэлаксацыі дзяцей у раённай лякарні.