Франак Вячорка: на выбарчых участках у Мазыры людзі галасуюць за ўсю сям'ю

Па некалькі бюлетэняў у адны рукі даюць на выбарчых участках у Мазыры. Адно такое парушэнне зафіксаваў кандыдат у дэпутаты Мазырскага райсавета Франак Вячорка.  Па яго словах, бабуля разам з унучкай прагаласавалі за кагосьці са сваіх родных:

“Я са сваімі сябрамі забяспечваю назіранне на двух выбарчых участках у Мазыры №43, 44. Было некалькі сітуацыяў, калі выбарнікі атрымоўвалі па некалькі бюлетэняў за сваіх блізкіх ці знаёмых па пашпартах і ўкідвалі іх. Адзін такі выпадак удалося зафіксаваць разам са старшынём выбарчай камісіі. Мы склалі акт аб гэтым парушэнні.

Так атрымалася, што ўнучка галасавала ці то за мужа гэтай бабулі, ці то за сваіх бацькоў. Бабуля проста прынесла некалькі пашпартоў. І адпаведна прагаласавалі за таго чалавека, які на выбарчы ўчастак не прыйшоў”.


Такіх парушэнняў адбываецца мора, кажа Франак Вячорка:

“Некалькі гадзінаў таму назад на іншым участку там дзе я балатуюся адзін чалавек укінуў бюлетэні за пяцёх чалавек. За ўсю сваю сям’ю, за паўнагадовых дзяцей, за сваю жонку — ён за ўсіх прагаласаваў”.


Франак Вячорка расказаў Еўрарадыё пра намер скласці агульную скаргу і зрабіць заяву аб непрызнанні вынікаў выбараў. Па яго меркаванні сённяшняе галасаванне мае фармальнае значэнне:

“У мяне на ўчастку 40% выбаршчыкаў нібыта прагаласавалі датэрмінова. Адпаведна сённяшняе галасаванне ніяк не ўплывае на канчатковыя лічбы”.