Футбаліст Аляксандр Глеб не зменіць "Барселону" на "Штутгарт"

Паўабаронца "Барселоны" Аляксандр Глеб не збіраецца пакідаць клуб. Гэта стала вядома па выніках перамоваў са "Штутгартам", які хацеў набыць гульца. Як інфармуе "Прессбол", беларускі хаўбек адмовіўся пераходзіць у нямецкую каманду. Сваё рашэнне ён патлумачыў нямецкаму боку тым, што прыйшоў у "Барсу" толькі год таму і цяпер ягоны сыход выглядаў бы ўцёкамі. Футбаліст таксама падкрэсліў, што "Штутгарт" наўрад ці зможа прапанаваць яму заробак, які ён атрымлівае ў Іспаніі.

Што датычыць пазіцыі самой "Барселоны", то яна таксама не плануе ў хуткім часе развітвацца з гульцом. Цяперашні кантракт Глеба, які ён падпісаў у мінулым сезоне, дзейнічае да 2012 года.