Футбалісты БАТЭ дапамагаюць збіраць сродкі на аперацыю мінчаніну Ларыну

Футболка з аўтографамі футбалістаў барысаўскага БАТЭ выстаўленая на інтэрнет-аўкцыён. Сродкі ад яе продажу пойдуць на аперацыю для 23-гадовага мінчаніна Міхаіла Ларына. Як паведаміў БелаПАН каардынатар дабрачыннай акцыі "Сэрца жыве" Дзмітрый Бескаравайны, футболка належыць паўабаронцу БАТЭ Сяргею Крыўцу - аўтару першага ў гісторыі гола беларускай каманды ў фінальнай стадыі Лігі чэмпіёнаў. Свае аўтографы на ёй паставілі ўсе гульцы БАТЭ. Пачатковая цана футболкі - 200 долараў. Таргі будуць доўжыцца да 15 снежня. Інфармацыя аб тым, як набыць майку, а таксама пра Міхаіла Ларына і дабрачынныя рахункі, размешчана на сайце http://serca.tut.by. Непасрэдная спасылка на лот - тут.

Нагадаем, дабрачынная акцыя па ратаванні Міхаіла Ларына стартавала 24 чэрвеня. Малады чалавек ужо перанёс аперацыю на сэрцы, але яна не мела поспеху: ужо амаль год Міхаіл падключаны да апарата штучнага сэрца.

Паводле слоў Бескаравайнага, цяпер праходзіць другая частка акцыі, у межах якой вядомыя людзі выстаўляюць на продаж свае рэчы, каб дапамагчы сабраць 350 тысяч еўра, неабходныя для лячэння Ларына. На гэты час сабрана 65 тысяч еўра.