Футбалісты зборнай Беларусі правялі першую трэніроўку ў Англіі

Нацыянальная зборная Беларусі прыбыла ў Англію, паведамляе "Спорт Беларусь". Там 14 кастрычніка нашыя спартоўцы правядуць матч адборачнага раўнда чэмпіянату свету — 2010 супраць каманды родапачынальнікаў футболу. Беларуская каманда размясцілася ў мястэчку Сант Олбэнс (Sant Albans), што ў 35 кіламетрах ад стадыёна "Ўэмблі", у невялікім, але вельмі ўтульным гатэлі "Сопвэл Хаўс" (Sopwell House). Гатэль знакаміты тым, што тут напярэдадні матчаў супраць англічанаў спыняліся зборныя Бразіліі, Партугаліі, Нямеччыны, Расіі ды іншых краін. Нашы супернікі па адборачнай групе – харваты і казахстанцы базай для свайго размяшчэння перад гульнямі са зборнай Англіі таксама выбіралі "Сопвэл Хаўс".

Беларуская зборная ўжо зладзіла першую трэніроўку на адным з палёў футбольнага клуба "Ўотфард" (Watford), які гуляе зараз у 1-й лізе (Chanpionship).

Зранку 13 кастрычніка наша каманда адправілася на экскурсію па Лондане. На 18.00 Бернд Штанге прызначыў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў СМІ. Пасля яе — трэніроўка беларускіх футбалістаў на "Уэмблі".