Галоўны трэнер БАТЭ адправіўся на стажыроўку ў "Бары" і "Вільярэал"

Галоўны трэнер барысаўскага футбольнага клуба БАТЭ Віктар Ганчарэнка 11 студзеня адправіўся на стажыроўку ў Еўропу. Як адзначае БелаПАН, спачатку Ганчарэнка будзе знаходзіцца ў італьянскім "Бары" (серыя "А"). У гэтай камандзе гуляе Віталь Кутузаў, які ў свой час гуляў разам з Ганчарэнкам у БАТЭ (1998—2001). У планах трэнера БАТЭ — вывучэнне досведу каманды, якой кіруе італьянскі спецыяліст Джамп'еро Вентура, а таксама наведванне матчу "Бары" — "Інтэр".

17 студзеня Ганчарэнка адправіцца ў іспанскі "Вільярэал", дзе прасочыць за тыднёвым цыклам падрыхтоўкі гэтага клуба і наведае матч "Вільярэал" — "Сарагоса".

З "Вільярэалом" БАТЭ гуляў увосень 2007 года ў першым раўндзе Кубка УЕФА (1:4 у гасцях, 0:2 дома).