Ганцавіцкія калгаснікі, атрымаўшы заробак па 140 тысяч, прыгразілі страйкам

Даведаўшыся, што зарабілі за месяц па 140-180 тысяч рублёў, працаўнікі фермы “Ясенева”, што ў Ганцавіцкім раёне, прыгразілі адміністрацыі калгаса “Адраджэнне” страйкам.
Баставаць яны вырашылі і таму, што ўмовы працы не адпавядаюць самым простым патрабаванням. Возяць працаўнікоў на ферму з вёскі за 10 кіламетраў, у ЗІЛе, на якім усталяваная будка без дзвярэй.

Адміністрацыя тлумачыць нізкі заробак тым. што цяляты не далі добрага прыросту вагі. Да таго ж жывёлу ўзважылі за тыдзень да заканчэння месяца і ўсю прывагу не ўлічылі. У папярэднія месяцы працаўнікі фермы атрымлівалі па 300-500 тысяч за месяц і былі задаволеныя.

Сустрэча жывёлагадоўцаў з кіраўніцтвам дала вынікі: за няўлічаны прырост вагі ім даплацяць у наступным месяцы, а машыну для падвозу людзей на працу абяцаюць пераабсталяваць.