Гандбалісты зборнай Беларусі двойчы прайгралі спарынгі Нямеччыне

Мужчынская зборная Беларусі прайграла другі таварыскі матч у гасцях у каманды Нямеччыны. На пляцоўцы "Максіпарк-Арэны" ў Хаме нашыя гандбалісты саступілі гаспадарам з лікам 24:36 (11:20), паведамляе БЕЛТА. Падапечныя Юрыя Шаўцова вялі ў ліку толькі ў самым дэбюце гэтай сустрэчы — 2:0. Але ўжо на 12-й хвіліне нямецкія спартоўцы лідыравалі з розніцай у тры мячы — 8:5 і больш не дазвалялі беларусам усумніцца ў сваёй перавазе. У складзе нашай каманды вылучыўся мінскі армеец Максім Баранаў, які 6 раз пацэліў у вароты Сільвіё Хайнефетэра. А на рахунку дэбютанта нацыянальнай зборнай Дзмітрыя Камышыка з мінскага "Аркатрона" 4 галы. На матчы прысутнічала 2700 гледачоў.

У першым паядынку ў Мюнстары поспеху таксама дамагліся нямецкія гандбалісты, якія перамаглі з лікам 28:20 (14:10). У гэтым матчы Артур Барзянкоў закінуў 4 мячы ў вароты сапернікаў.