Газаправод “Ямал-Еўропа” спыніўся з-за непаладак

Транзіт газа па газаправодзе “Ямал-Еўропа” ў аўторак спыніўся з-за тэхнічных непаладак — праблем з кампрэсарам.
Як паведамляе ВВС са спасылкай на замежныя інфармагенцтвы, знізілася магутнасць кампрэсарнай станцыі Мальнаў, размешчанай на мяжы Польшчы з Германіяй.

Магутнасць пачала падаць з 16.00 паводле беларускага часу і прыкладна ў 19.00 апусцілася амаль да нуля.
Становішча абцяжарваецца тым, што ў аўторак на планавую праверку закрылі абедзве ніткі марскога газаправода “Паўночны паток”, які з’яўляецца адным з галоўных шляхоў дастаўкі расійскага газу ў Еўропу.

У сувязі з гэтым газаправод “Ямал-Еўропа” павінен быў часткова кампенсаваць спыненне транзіту праз балтыйскую магістраль.

Раней на кампрэсарнай станцыі Мальнаў ужо здараліся непаладкі. Аператар паведамляў пра іх 7 жніўня. Непаладку выправілі на наступныя суткі.

Фота: lenta.ru