"Газпрам" не захавае кошт газу для Беларусі на ўзроўні 2010 года

Пастаўкі расійскага газу ў Беларусь у 2011 годзе будуць ажыццяўляцца па формуле кошту, замацаванай у кантракце. Яны не захаваюцца на ўзроўні гэтага года, як настойваў беларускі бок, адзначае РІА "Новости". 30 лістапада ў Маскве адбылася працоўная сустрэча старшыні праўлення "Газпрама" Аляксея Мілера і першага віцэ-прэм'ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі. Яны падвялі папярэднія вынікі супрацоўніцтва ў 2010 годзе. У прыватнасці, гаворка ішла пра пастаўкі і транзіт газу, а таксама пра дзейнасць сумеснай газатранспартнай кампаніі "Белтрансгаз".

Кантракт паміж "Газпрамам" і "Белтрансгазам" прадугледжвае, што з 2011 года Беларусь павінна выйсці на еўрапейскі ўзровень коштаў за газ. Сёлета сярэднегадавы кошт на расійскі газ для Беларусі складае 187 долараў за тысячу кубаметраў. 1 студзеня ён вырасце прыкладна да 210 долараў, заяўляў раней афіцыйны Мінск.