Генадзь Барбарыч: Каля КДБ затрымлівалі турыста, які здымаў будынак

Журналіст Генадзь Барбарыч у жывым эфіры Еўрарадыё распавёў пра абставіны свайго сённяшняга затрымання ў клубе імя Дзяржынскага ў Мінску. Нагадаем, ён размаўляў з жонкай зняволенага ў СІЗА КДБ палітвязня Змітра Бандарэнкі Вольгай. Людзі прынеслі перадачы, але чакаць і афармляць паперы ад бюро прапускоў іх адправілі ў клуб. Паводле слоў Барбарыча, супрацоўніка КДБ, які не назваўся, цікавіла, якое СМІ ён прадстаўляе. У бюро прапускоў прыйшоў іншы супрацоўнік, які тлумачыў, што клуб — гэта "рэжымны аб'ект", таму прапанаваў сцерці ўсе зробленыя на дыктафон запісы. Журналіст пагадзіўся і адразу ж быў адпушчаны.

Як расказаў Генадзь Барбарыч, падчас яго знаходжання ў бюро прапускоў КДБ, прыбеглі двое мужчын у камуфляжы і з рацыямі. Яны паведамілі, што хтосьці здымае будынак. "Задерживайте!" — даў каманду дзяжурны і таго чалавека прывялі. "Мабыць, быў турыст, бо яго хутка адпусцілі. Відаць, яму будынак з калонамі спадабаўся", — кажа Барбарыч.