Гітарыст Rolling Stones ахвяраваў сваю карціну мастакам

Карціна гітарыста Rolling Stones Роні Вуда, на якой намаляваныя зоркі брытанскага Каралеўскага балету Карлас Акоста і Дарсі Басэл, выстаўленая на аўкцыён.  Паводле паведамлення BBC News, усе паступленні ад аўкцыёну, які адбудзецца ў сераду, 27 лютага, пайдуць на патрэбы брытанскай Каралеўскай акадэміі мастацтваў.

Мэтай аўкцыёну, паводле словаў Вуда, падтрымаць навучэнцаў акадэміі мастакоў, каб людзі кшталту яго самога маглі "працягваць натхняцца маладымі талентамі".

Гітарыст заявіў, што для яго з'яўляецца гонарам ахвяраваць для гэтага сваю працу. Акрамя карціны Вуда, свае працы для аўкцыёну ахвяравалі яшчэ некалькі сябраў Каралеўскай акадэміі мастацтваў, у тым ліку Трэйсі Эмін, Мэры Фэдэн і Кэн Ховард.

Агулам з малатка пойдуць больш за 30 карцін. Большасць з іх зараз выстаўленая ў Каралеўскай акадэміі мастацтваў у Лондане.

Фота: www.telegraph.co.uk