Гомельская служба хуткай дапамогі выратавала параненую саву

Увечары 29 лістапада на Навабеліцкую падстанцыю Гомельскай службы хуткай медычнай дапамогі паступіла параненая сава. Як паведаміў БелаПАН, саву прывёз кіроўца, які выпадкова збіў на трасе драпежную птушку падчас яе палёту. Мужчына растлумачыў, што спяшаецца, таму не можа адвезці параненую птушку ветэрынару.

Медыкі выклікалі выратавальнікаў МНС, але тыя адмовіліся забраць пацярпелую ў свой гадавальнік для птушак, бо там нельга трымаць драпежнікаў.

Як паведамілі лекары хуткай, пасля змены яны самі адвезлі саву ў ветэрынарную клініку. Выявілася, што ў яе пераламаная лапа і трэба рабіць аперацыю, а гэта дорага. У выніку лекары хуткай дапамогі прынялі рашэнне аплаціць кошт аперацыі, каб выратаваць саву. Цяпер птушка знаходзіцца ў ветлякарні.