Гомельскі пенсіянер сякерай разбіў суседскі аўтамабіль

9 траўня ў Гомелі 61-гадовы пенсіянер разбіў суседскі аўтамабіль “Мазда Прымасі”, пашкодзіўшы шкло, фары і капот.

Як піша “Гомельская праўда”, у той вечар маладая сям’я з дзіцем — уладальнікі машыны — па дарозе на прагулку сустрэла суседа, ад якога пачула: “Катаецеся? Катайцеся далей”. Праз нейкі час суседзі затэлефанавалі маладзёнам на мабільны і паведамілі, што сусед-пенсіянер б'е сякерай іх машыну.

Іншы сусед з вакна зрабіў заўвагу пенсінеру-хулігану. Той падняўся на другі паверх і стукнуўў сякерай па яго дзвярах і дзвярах уладальнікаў аўтамабіля, якія таксама жывуць на гэтай пляцоўцы. А потым абухом у плячо атрымаў і сам сусед, які выйшаў на грукат.

Пры гэтым пенсіянер быў абсалютна цвярозы. Патлумачыць прычыны агрэсіі супраць суседзяў па пляцоўцы ён адмовіўся.

Суседа-буяна заключылі пад варту і пачалі на яго крымінальную справу за хуліганства. Раней пенсіянер ужо меў не адну судзімасць.

Фота — gp.by