Гомельскія міліцыянты сарвалі сустрэчу з пастарам Эрнестам Сабілам

Учора ў Гомелі міліцыянты затрымалі грамадскіх актывістаў, якія прыйшлі на сустрэчу з пастарам Эрнестам Сабілам. Святар прыехаў у горад, каб пагутарыць з сябрамі "Таварыства беларускай мовы" і абмеркаваць перспектывы роднай мовы ў сучасным аспекце.

На сустрэчу з Сабілам у офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі сабралося 20 чалавек. Увечары ў будынак уварваліся міліцыянты, аргументуючы свае дзеянні тым, што ў доме нібыта знаходзіцца чалавек, які адшукваецца за разбой.

Пасля праверкі дакументаў пастара адпусцілі. У РАУС было дастаўлена сем чалавек, сярод якіх адзін член БРСМ і журналістака БелаПАН.

Актывіста прапрэзідэнцкай арганізацыі вызвалілі праз 10 хвілін. Праз дзве з паловай гадзіны ўсе затрыманыя былі адпушчаны.

БелаПАН