Грамадскія аб'яднанні дабіваюцца перадачы ў суд справы аб катаванні сабакі

Грамадскія аб'яднанні па абароне жывёл маюць намер дабіцца перадачы ў суд справы аб катаванні з асаблівай жорсткасцю і забойстве сабакі работнікам Гомельскага завода спецінструментаў. Аб гэтым кіраўнікі аб'яднанняў у адкрытым лісце паведамілі заводу, пракуратуры, аблвыканкаму і гарвыканкаму Гомеля, шэрагу іншых арганізацый. Як паведамілі грамадзяне, 7 снежня распараджэнне ўбраць сабаку аддаў дырэктар завода Віктар Крэпастноў. Начальнік цэха, замацаваўшы сабаку вяроўкай, пачаў яго збіваць металічнай трубой. Пасля гэтага пакалечаная жывёла была кінута на скрыню з адходамі металічнай стружкі. 8 снежня начальнік цэха, убачыўшы, што сабака яшчэ жывы, адагнаў ад яго дзяўчыну, якая спрабавала аказаць дапамогу. Ён "пацягнуў на вяроўцы сабаку праз увесь цэх і, пагрузіўшы ў машыну, адвёз, паводле яго слоў, на звалку", сцвярджаюць кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў.

Грамадскія аб'яднанні па ахове жывёл маюць намер дабіцца разгляду справы ў судзе, паведамляе БелаПАН.