Грамадскія актывісты вызначылі герояў і антыгерояў года

Аргкамітэт па стварэнні Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый вызначыў лаўрэатаў сваіх дыпломаў і "антыдыпломаў".  Як паведаміў на цырымоніі ўручэння ўзнагарод у Мінску віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, гэта мерапрыемства ўпершыню праводзіцца ў адкрытым рэжыме. Паводле яго слоў, нягледзячы на нерэгістрацыю ў 2009 годзе Асамблеі НДА і праваабарончага цэнтра "Вясна", іх удзельнікі актыўна дзейнічалі ў галіне абароны правоў чалавека і свабоды недзяржаўных арганізацый.

Першы дыплом атрымалі беларускія праваабаронцы — незарэгістраваны праваабарончы цэнтр "Вясна" і грамадскае аб'яднанне "Беларускі Хельсінкскі камітэт", якія паспяхова правялі кампанію супраць смяротнай кары ў Беларусі.

Сярод рэгіянальных падзей 2009 года асамблея адзначыла ў пазітыўным сэнсе форум недзяржаўных арганізацый, які быў праведзены ў Магілёве.

Спецыяльным дыпломам "Фарс года" быў узнагароджаны выканкам Астравецкага раёна, які, на думку заснавальнікаў прэміі, не дазволіў правесці паўнавартаснае абмеркаванне мэтазгоднасці будаўніцтва АЭС паблізу Астраўца.

Самай крэатыўнай акцыяй былі прызнаны паходы Дзедаў Марозаў у Генпракуратуру і Палату прадстаўнікоў з прапановамі выключыць з Крымінальнага кодэкса артыкул 193-1, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, паведамляе БелаПАН