Грамадскія актывісты збіраюць подпісы за вуліцу “500 гадоў Коханава”

Актывісты грамадскай кампаніі “Наш дом” у Коханаве пачалі збор подпісаў за наданне адной з новых вуліц гарадскога пасёлка назвы “500 гадоў Коханава”, паведамляе сайт “Народныя навіны Віцебска”. Падпісныя лісты з такой прапановай накіруюць у мясцовы выканкам. Адметнасць акцыі ў тым, што подпісы збіраюцца не толькі ў жыхароў мястэчка, але і ў былых землякоў, якія зараз жывуць у іншых гарадах ці нават краінах.

Коханава вядома з XVI стагоддзя, яно было ў складзе Друцкага княства і належала князю Друцкаму-Краснаму. З 1551 мястэчка перайшло ў валоданне Гарнастаяў, а з 1590 — Сапегаў. Афіцыйная дата святкавання 500-годдзя Коханава пакуль не вызначная, магчыма ўрачыстасці пройдуць у сярэдзіне ліпеня наступнага года.