Грамадзяніну Расіі следчыя абяцалі "несалодкае жыццё" ў калоніі
Амбасада Расіі заклікае беларускую пракуратуру да аб'ектыўнага разгляду справаў грамадзян Расіі, арыштаваных па справе 19 снежня.
"Ствараецца ўражанне, што беларускі бок намагаецца сысці ад відавочных фактаў, якія сведчаць аб невінаватасці нашых суайчыннікаў", — заявіў дарадца амбасадара РФ Вадзім Гусеў. Да такой высновы дыпламат прыйшоў пасля азнаямлення з тэкстам афіцыйнай адмовы на хадайніцтва адвакатаў затрыманых наконт спынення крымінальнай справы ў сувязі з адсутнасцю важкіх доказаў іх віны.
"У матэрыялах абвінавачвання адсутнічаюць прамыя фота- і відэадоказы прамога ўдзелу Брэуса і Гапонава ў акцыі 19 снежня, у чым яны абвінавачваюцца", — адзначыў Гусеў.
Акрамя таго, як паведаміў Брэус супрацоўнікам амбасады, яго вымушалі даваць ілжывыя сведчанні адносна кантактаў з арыштаванымі лідарамі апазіцыі. "У адваротным выпадку нашаму грамадзяніну абяцалі "несалодкае жыццё" у калоніі", — перадае словы Гусева БелаПАН.
Фота: visualrian.ru