Гродзенскія апазіцыянеры судзяцца за месцы ва ўчастковых камісіях
На Гродзеншчыне апазіцыянеры праз суд патрабуюць перагледзець фармаванне ўчастковых выбарчых камісій.
“Канешне, нам адмовілі!” — паведаміў Еўрарадыё сябра БСДГ Уладзімір Хільмановіч пасля сённяшняга паседжання ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Гродзенская БСДГ не згодна з вынікамі фармавання ўчастковых камісій і падала скаргу ў суд.
Па словах Уладзіміра Хільмановіча, суддзя Ала Баўсюк вырашыла, што фармаванне ўчастковых камісій прайшло ў адпаведнасці з законам і падставаў пераглядаць іх склад няма. Рашэнне суда Кастрычніцкага раёна пакуль не абвешчана.
У дадзены момант ідзе слуханне па аналагічным іску ад АГП. Пасля абеда ў Ленінскім судзе пачнецца разгляд скаргі ад гродзенскай суполкі Партыі БНФ. З просьбай перагледзець склад тэрытарыяльных выбарчых камісій у суды звярнуліся прадстаўнікі апазіцыйных партый у Мастах і Свіслачы.
Як вядома, у абласным цэнтры ў склад участковых камісій трапіла толькі 6 апазіцыянераў з больш чым 100 вылучаных ад партый. Агулам у горадзе створана 132 выбарчых участкі.