Як гродзенскія даішнікі ганяліся за матацыклістам-бяспраўнікам (відэа)

Відэа пагоні за злосным парушальнікам-матацыклістам выклала ДАІ Гродна. Пагоня пачалася ў прыгарадзе Гродна і скончылася ў самім горадзе, калі матацыкліст зрабіў памылку ў кіраванні і зваліўся.

Цяпер адчайнага матацыкліста пазбавілі права кіравання транспартнымі сродкамі ў сіх чатырох катэгорый і яму далі штраф у 18 мільёнаў рублёў. На яго склалі 15 адміністратыўных пратаколаў.

Нагадаем, што нарад ДАІ правяраў на трасе пад Гродна кіроўцу аўтамабіля, калі паўз іх праляцеў матацыкл “Ямаха” з польскімі рэгістрацыйнымі нумарамі. Матацыкліст адарваўся ад пагоні на вялікую адлегласць і пранёсся па горадзе. Ён ігнараваў патрабаванні патруля спыніцца і праскокваў на чырвоны сігнал светлафору, а ў часе манёўраў часта выязджаў на сустрэчную паласу.

На вуліцы Пестрака спортбайк паваліўся і байкера нарэшце затрымалі. Ён не змог паказаць ніякіх дакументаў. Не зусім спраўны матацыкл ён купіў у Польшчы і не рэгістраваў яго ў ДАІ — не праходзіў тэхагляд і не рабіў страхоўку.  Ён патлумачыў, што доўга чакаў з-за мяжы патрэбную дэталь для рамонту свайго жалезнага каня. Нарэшце ён давёў яго да ладу і вырашыў выпрабаваць. У часе гэтых выпрабаванняў і ён і парушыў правілы дарожнага руху шмат разоў, інфармуе Гродзенская ДАІ.