Гродзенскую крэпасць хочуць унесці ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны

Гродзенская крэпасць прэтэндуе на ўключэнне ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Гэта помнік фартыфікацыйнага будаўніцтва ХIХ — першай паловы ХХ стагоддзя. Адпаведны зварот Гродзенскі райвыканкам накіраваў у Рэспубліканскую навукова-метадычную раду па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Як паведамляе БЕЛТА, рашэнне рада прыме ў чэрвені-ліпені, і яно, хутчэй за ўсё, будзе станоўчым. Канчатковае рашэнне аб уключэнні ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны і наданне адпаведнай катэгорыі (аб'екты, уключаныя або прадстаўленыя для ўключэння ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА; тыя, што маюць сусветнае, рэспубліканскае, мясцовае значэнне) прыме Савет Міністраў.

Будаўніцтва фартоў крэпасці пачалося ў 1887 г. Пасля расійска-японскай вайны было вырашана будаваць у Гродне крэпасць, яе праект быў зацверджаны імператарам Мікалаем II у жніўні 1912 г. Для ўзвядзення крэпасці былі створаныя 14 будаўнічых участкаў, але да пачатку Першай сусветнай вайны ні адзін з іх не быў завершаны.