Грошы на штраф дырэктар цэнтра сацабслугоўвання збірала з падначаленых

Крымінальную справу за перавышэнне службовых паўнамоцтваў пачала пракуратура на дырэктарку Кармянскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Як паведамляе БелаПАН, міліцыянты з аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РАУС высветлілі, што 45-гадовая дырэктарка цэнтра ў верасні 2009 года абвясціла падначаленым, што яны павінны сабраць 350 тысяч рублёў для выплаты штрафу. Ён быў накладзены непасрэдна на кіраўніка ўстановы за парушэнне санітарных нормаў (адсутнічалі ўрны каля ўваходу, краткі для ачысткі абутку, асветленасць памяшкання не адпавядала стандартам). Падначаленыя вымушаныя былі сабраць грошы на выплату штрафу.

Дзеянні дырэктара пракуратура кваліфікавала як перавышэнне паўнамоцтваў і прычыненне істотнай шкоды правам і законным інтэрасам грамадзян, а таксама дзяржаўным інтэрасам.

Акрамя таго, выявілася, што ў жніўні 2007 года два супрацоўнікі цэнтра працавалі дома ў дырэктара, займаючыся рамонтам памяшкання. Пры гэтым яны атрымлівалі заробак з бюджэту. Па гэтым факце таксама пачалі крымінальную справу за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

Дырэктар адхіленая ад пасады, але не затрыманая. У бліжэйшыя дні матэрыялы справы будуць перададзеныя ў суд. Жанчыну могуцт пакараць пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.