Грошы за санаторый "Іслач" аддадуць апальнаму Саюзу пісьменнікаў?

Сёння ў будынку Дзяржаўнага камітэту маёмасці быў прададзены былы пісьменніцкі дом адпачынку "Іслач" пад Ракавам. На аўкцыёне ён быў адзіным лотам. Таргі доўжыліся адну хвіліну. Былая маёмасць Беларускага літаратурнага фонду была выстаўленая за стартавы кошт 2 мільярды 312 мільёнаў рублёў без уліку падатку на даданую вартасць.

Непасрэдна на аўкцыён было пададзена 7 заявак, але рэгістрацыю прайшлі толькі 3 удзельнікі. Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Белінтэхбуд” адразу прапанавала за пісьменніцкую маёмасць 6 мільярдаў 600 мільёнаў рублёў (амаль 3 мільёны долараў). Большай сумы не прапанаваў ніхто, таму аўкцыён скончыўся за адну хвіліну.

Старшыня неафіцыйнага Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч кажа, што атрыманая сума павінна пайсці на патрэбы ўзначаленай ім арганізацыі:

Пашкевіч: Найбольш цікавіць, куды пойдзе вялікая сума грошай, якая засталася. Па статуце, яна павінна пайсці на мэты і задачы Літфонду. Гэта значыць, у падтрымку Саюзу беларускіх пісьменннікаў.

Нагадаем, што яшчэ год таму рашэннем Вярхоўнага суда Беларускі літфонд быў зліквідаваны. Міністэрства юстыцыі палічыла, што грамадскае аб’яднанне дапусціла шэраг парушэнняў статутнай дзейнасці, якія так і не былі выпраўленыя.