Грузія вызваліла беларуску, затрыманую за наведванне "акупаванай тэрыторыі"

Грамадзянка Беларусі, якую больш за месяц ўтрымлівалі ў грузінскай турме, адпушчаная на волю. Пра гэта інфармагенцтву БелаПАН паведаміў прэс-сакратар беларускага Міністэрства замежных спраў Андрэй Папоў. Прэс-сакратар дадаў, што "днямі" МЗС Беларусі па афіцыйных каналах атрымаў тэкст закона Грузіі, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за нелегальнае знаходжанне "на акупаваных грузінскіх тэрыторыях". Да іх, па меркаванні грузінскага боку, належыць Абхазія і Паўднёвая Асеція.

Хутэчй за ўсё, менавіта гэты закон і стаўся падставай для затрымання беларускі. Па сведчанні іншага беларускага вязня грузінскай турмы Мікалая Кванталіяні, пад арышт у Грузіі можна патрапіць проста ў аэрапорце, падчас пашпартнага кантролю, калі ў пашпарце ёсць адзнака пра наведванне Абхазіі ці Паўднёвай Асеціі.

Атрыманы з Грузіі дакумент вывучаецца, паведаміў Папоў. Магчыма, беларускае знешнепалітычнае ведамства падрыхтуе папярэджанне для грамадзянаў краіны, якія выязджаюць у канфліктны рэгіён.