Губарэвіч: За машынай, у якой ехала Мілана Міхалевіч, сачылі ад Мінску

За машынай, у якой жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча Мілана ехала ў Польшчу, сачылі ад самага Мінску. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё распавёў намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, які кіраваў аўтамабілем. Паводле слоў Губарэвіча, ператрус у кватэры Міхалевічаў закончыўся толькі пасля да 22-й гадзіны, і яна не паспела на цягнік у Варшаву. Нагадаем, Мілана Міхалевіч павінна была прыняць удзел у канферэнцыі па сітуацыі ў Беларусі у польскім сейме 13 студзеня. Яна вырашыла ехаць нягледзячы на тое, што яе мужа, які знаходзіцца за кратамі, прымусілі патэлефанаваць і параіць гэтага не рабіць.

З Мінску аўтамабіль выехаў а поўначы і ўжо тады была заўважна сочка — агулам было каля 5 машын з людзьмі ў цывільным. Каля 2-й гадзіны ночы каля Баранавічаў аўтамабіль Губарэвіча спыніў супрацоўнік ДАІ.

"Супрацоўнікі баранавіцкага КДБ, якія прысутнічалі, запыталіся пра наяўнасць у машыне Міланы. Калі атрымалі станоўчы адказ, сказалі, што маюць для яе інфармацыю. Паводле словаў старэйшага лейтэнанта з баранавіцкага КДБ, рашэннем нейкага "кампетэнтнага органа" Мілане Міхалевіч забаронены выезд за межы Беларусі да моманту прыняцця рашэння па справе яе мужа. Пісьмовага рашэння Мілане не далі. Сказалі, што пры спробе выехаць, яе вернуць. Мы вырашылі вяртацца, тым больш, што з Міланай было малое дзіцё
", — распавядае Юрась Губарэвіч.

Паводле яго слоў, людзі ў цывільным пераканаліся, што Мілана вярнулася ў сваю кватэру і толькі пасля гэтага зняліся сачэнне.

"Цяпер Мілана Міхалевіч збіраецца падаць запыт у адпаведныя органы, ці знаходзіцца яна ў спісе невыязных. Калі будзе пацверджанне, яна будзе абскарджваць", — кажа Юрась Губарэвіч