Гуляка: Беларускі бок гатовы працягнуць працу ў пытанні Саюзу палякаў

Як толькі Польшча прызначыць новага кіраўніка ў камісіі па справе СПБ, праца па развязанні канфлікту ўнутры арганізацыі працягнецца. Пра гэта ў гутарцы з Еўрарадыё заявіў Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Нагадаем, што ён узначальвае беларускую палову міжурадавай камісіі. Леанід Гуляка: “Міністэрства замежных спраў Польшчы павінна прыняць рашэнне, хто замест Крэмера будзе. Я толькі магу словы спачуванняў выказаць і выказаў. Як МЗС Польшчы пастановіць, каго на гэтыя пытанні вызначыць – з тым і будзем працаваць. У нас не прызначалася пакуль што другое паседжанне. Абмяркоўвалася, што яно будзе, але тэмы не абгаворваліся – ані на канец месяца, ані на наступны”.

Нагадаем, першае беларуска-польскае паседжанне ў справе Саюзу палякаў у Беларусі адбылося 19 сакавіка ў Міністэрстве замежных справаў у Мінску. Мэта камісіі – развязаць канфлікт, які склаўся ўнутры грамадскай арганізацыі беларускіх палякаў. Польскі бок узначальваў першы намеснік міністра замежных справаў Анджэй Крэмэр, які загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам 10 красавіка.