ГУУС Мінгарвыканкама: Ідэнтыфікавана большасць тых, хто быў на Плошчы

Ужо ідэнтыфікавана пераважная большасць грамадзян, якія бралі ўдзел у масавых беспарадках у Мінску 19 снежня, працягваецца праца па ўстанаўленні астатніх удзельнікаў. Аб гэтым паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей ГУУС Мінгарвыканкама. "ГУУС адказна заяўляе, што адказнасці не пазбегне ніводзін з актыўных удзельнікаў учыненага злачынства, дзе б ён ні знаходзіўся і як бы беспакарана сябе не адчуваў. У распараджэнні следства ёсць дастатковая колькасць фота- і відэаматэрыялаў, на якіх адлюстраваны абсалютна ўсе ўдзельнікі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся насіллем, пагромамі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады", — папярэджвае сталічная міліцыя. Аб гэтым жа, нагадаем, заявіў 22 снежня журналістам міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў.

Упершыню ГУУС абнародавала колькасць найбольш актыўных удзельнікаў беспарадкаў — каля 400 чалавек. Менавіта яны, як сцвярджаюць у сталічнай міліцыі, кідалі камяні і пустыя бутэлькі ў вокны Дома ўрада, ламалі ўваходныя дзверы ў будынак, спрабуючы ўвайсці на тэрыторыю ахоўнага дзяржаўнага аб'екта.

Нагадаем, па факце масавых беспарадкаў у ГУУС Мінгарвыканкама распачата крымінальная справа. Створана следча-аператыўная група. У рамках расследавання вывучаюцца, абагульняюцца і даследуюцца сабраныя матэрыялы, фота- і відэадакументы, паведамляе БелаПАН..