Гузій пра пашкоджанне бюста Шаўчэнкі ў Магілёве: Будзем пісаць Лукашэнку
У гэтым горадзе другі раз за апошнія месяцы невядомымі з пастамента збітыя літары. Кіраўнік аб'яднання ўкраінцаў пракаментаваў сітуацыю.
У Магілёве зноў пашкоджаны бюст Тараса Шаўчэнкі, усталяваны на ўзбярэжжы Дняпра. Другі раз за апошнія месяцы садраныя літары з пастамента. Вось што распавёў Еўрарадыё кіраўнік культурна-асветніцкага аб’яднання "Дніпро" Генадзь Гузій:
"Я вось цяпер знаходжуся каля помніка. Так, пашкодзілі. Зноў абарвалі надпіс".
Нагадаем, папярэдні раз літары з пастамента вандалы садралі ў студзені, напярэдадні Дня саборнасці Украіны. Паводле слоў Гузія, з упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама быў атрыманы адказ, што "нічога не знойдзена і справа закрытая", а матэрыялы (76 аркушоў) перадалі ў Следчы камітэт.
Гузій: "Будзем пісаць ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, паколькі праваахоўныя органы Магілёўшчыны не ў стане забяспечыць і супакоіць вось гэтую праяву сепаратызму і нацыянальнай варажнечы, якую распальваюць на Магілёўшчыне... Гэта вельмі непрыемны факт. Першы раз яшчэ можна было спісаць на вандалізм".
Як вядома, першапачаткова надпіс быў выкананы з бронзы, таму яшчэ можна было падумаць, што зламыснікі спакусіліся на каляровы метал. Аднак украінцы аднавілі літары і зрабілі іх ужо з пластмасы. Як бачым, вандалаў гэта не спыніла.


Бюст Тарасу Шаўчэнку быў усталяваны ў Магілёве з ініцыятывы мясцовай дыяспары ўкраінцаў у 2005 годзе. На адкрыцці прысутнічала вялікая дэлегацыя з Украіны, кіраўніцтва Магілёўскай вобласці і горада. Каля помніка традыцыйна збіраюцца мясцовыя ўкраінцы, запальваюць знічы.
Фота: Еўрарадыё