Хакейная юніёрская зборная Беларусі выйграла ўсе матчы

Пяць перамог у пяці матчах (з іх чатыры ў асноўны час) атрымала юніёрская зборная Беларусі па хакею на чэмпіянаце свету ў групе "А" першага дывізіёна, які прайшоў у мінскім Палацы спорту. Такім чынам беларусы заваявалі адзіную пуцёўку ў вышэйшы дывізіён. У нядзелю каманда Сяргея Пушкова разграміла зборную Казахстана з лікам 6:1 (2:0, 3:0, 1:1). Але яшчэ напярэдадні датэрмінова беларусы занялі першае месца, пасля таго як Казахстан прайграў Венгрыі.

Нагадаем, зборная Беларусі ў іншых матчах перамагла Венгрыю — 5:4 (па булітах), Польшчу — 4:1, Украіну — 5:0, Літву — 3:0. Беларусы набралі 14 ачкоў, у палякаў і венграў — па 10, у казахаў — 7, літоўцаў — 4, украінцаў — 0, інфармуе БелаПАН.