Хамід Карзай: Афганістан і ЗША могуць і не падпісаць дамову пра бяспеку
Прэзідэнт Афганістана абрынуўся з крытыкай на NATO.
Ён абвінаваціў камандаванне Паўночнаатлантычнага альянсу ў тым, што за 10 гадоў ваеннай аперацыі Захад так і не здолеў прынесці яго краіне стабільнасць.
Па словах Карзая, якія перадае ВВС, кіраўніцтва NATO зрабіла памылку, сканцэнтраваўшы свае высілкі па пошуку баявікоў у афганскіх вёсках і не надаючы ўвагі сховішчам талібаў у Пакістане.
Кіраўнік Афганістана заявіў, што яго першачарговай задачай на сёння з'яўляецца забеспячэнне міру і стабільнасці ў краіне, у тым ліку за кошт дамовы пра частку ўлады з талібамі. Урад цяпер вядзе актыўныя перамовы з радыкальнымі ісламістамі. Па словах Карзая, там, дзе прадстаўніка талібаў можа прызначыць на дзяржаўную пасаду прэзідэнт Афганістана ці ўлады краіны, такое прызначэнне адбудзецца. Пры неабходнасці выбараў талібам давядзецца ўдзельнічаць у іх.
Карзай будзе знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта яшчэ шэсць месяцаў, пасля чаго павінен быць абраны яго пераемнік.
Яшчэ да будучых прэзідэнцкіх выбараў у Афганістане ЗША хочуць канчаткова аформіць з Кабулам двухбаковую дамову пра бяспеку. На 2014 год з Афганістана прызначаны канчатковы вывад войскаў NATO. Штаты хочуць бачыць подпіс Карзая, бо іначай лёс дакументаў можа стаць закладнікам перадвыбарнай барацьбы.
Тым часам афганскі прэзідэнт заявіў, што не спяшаецца падпісваць дамову з Вашынгтонам.
Фота — AFP