Хатнія сеткі ў Мінску па-ранейшаму немагчыма легалізаваць?
Спецыяльная камісія пры Мінгарвыканкаме за 2 гады не дала ніводнага дазволу на легалізацыю хатніх сетак
У СМІ з'явілася інфармацыя, што хатнія лакальныя сеткі ў Мінску можна будзе легалізаваць. Для гэтага трэба толькі звярнуцца ў ЖРЭА ці адміністрацыю раёна, каб яны склалі праектную дакументацыю на пракладку абсталявання. Каштаваць дакументы будуць ад 5 да 10 мільёнаў рублёў.
Карэспандэнт Еўрарадыё патэлефанаваў у ЖРЭА Цэнтральнага раёна сталіцы, каб легалізаваць сваю хатнюю сетку. Але выявілася, што там не ведаюць, як гэта зрабіць.
ЖРЭА: "Які пералік дакументаў патрэбен? Яны кажуць, на нас спасылаюцца. Аднак нам ніякай дапамогі ў гэтым плане не аказваюць. Інфармацыі ніякай няма. Яны толькі на нас пальцам паказваюць. Вы ў іх спытайце: якім чынам?"
Начальнік вытворчага аддзела "Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі" Генадзь Місуна паведаміў Еўрарадыё, што досведу легалізацыі лакальных сетак яшчэ няма:
"Пакуль яшчэ ніхто канкрэтна не займаўся гэтымі сеткамі, толькі ліквідавалі тыя сеткі, што ствараюць нязручнасці. Да нас ніхто не звяртаўся па дазвол, таму і працэдуры ў ЖРЭА няма. Але легалізаваць сетку можна. Існуе парадак, трэба ўзгадніць яго з арганізацыямі і выканаць працы".
Калі ёсць нейкая дакументацыя, то з ёй можна звяртацца па легалізацыю. А калі дакументаў няма — можна атрымаць заключэнне спецыялізаванай арганізацыі, што сетка адпавядае нарматыўным дакументам. Але сеткі, пракладзеныя з сур'ёзнымі парушэннямі, будуць ліквідаваныя: яны ствараюць шмат праблемаў. А іншыя пакуль маюць шанец легалізавацца, кажа Генадзь Місуна:
"Было шмат зваротаў грамадзян, якія скардзіліся на шум ад абсталявання. Бывалі выпадкі, што электраправодка падключалася да лямпачкі ў пад’ездзе. Бывала, што няправільнае падключэнне выклікала выгаранне электраабсталявання ў пад'ездзе".
Каб разабрацца ў сітуацыі, Еўрарадыё звярнулася да дырэктара кампаніі "Сучасныя тэхналогіі сувязі" Сяргея Алейнікава.
Паводле ягоных слоў, легалізаваць прыватную сетку ў Мінску ўвогуле немагчыма, бо гэта забараняе ўказ прэзідэнта.
Алейнікаў: "У Мінску існуе камісія пры гарвыканкаме, якая выдае дазволы. Я думаю, яна створаная дзеля лабіравання інтарэсаў дзяржаўных кампаній. За 2 гады не было выдадзена ніводнага дазволу. Яна кіруецца ўказам прэзідэнта 72. Там прапісана, што аб'екты інфраструктуры могуць будаваць толькі прадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасці".
Таму камісія не выдае дазволы на абсалютна законных падставах. Праўда, гэтыя забароны тычацца толькі дзяржаўных дамоў. Калі дом кааператыўны ці знаходзіцца па-за межамі Мінску, то там ствараць лакальныя сеткі можна. Легалізаваць жа сеткі, праведзеныя па дахах дамоў, фактычна азначае правесці іх па-новаму, бо згодна з правіламі архітэктуры там іх быць не можа.
На думку Сяргея Алейнікава, невялікія хатнія сеткі хутка знікнуць: падтрымліваць іх няма сэнсу, бо сетка мусіць быць вялікай.
Алейнікаў: "Там сапраўды ёсць невялікія парушэнні, але не такія, як апісваюць. Уладальнікі гэтых сетак цяпер так напалоханыя ўсёй шуміхай, што ўжо даўно маглі сеткі прывесці ў парадак. Але яны ўсё адно знікнуць, бо не змогуць канкураваць. Сетка павінна быць вялікай, з вялікай колькасцю сэрвісаў".
Сёння ў Мінску акрамя дзяржаўных ёсць сеткі прыватныя і сеткі афіцыйных правайдэраў — усе яны зараз пашыраюцца. Пры гэтым не ўсе, кажа Сяргей Алейнікаў, загадзя атрымліваюць дазвол. Бо разумеюць: калі дазволы будуць даваць, то выйграе той, хто ўжо нешта мае.
фота: homenet.tut.by