“Хавайся ў бульбу”: навокал пануе кавід-разгубленасць і “філасофія страху”?

“Хавайся ў бульбу”: навокал пануе кавід-разгубленасць і “філасофія страху”?

Пасля жніўня 2020-га свядомае беларускае грамадства сутыкнулася з бесперапыннымі хвалямі рэпрэсій. Гвалт, затрыманні, звальненні — усё гэта не самым лепшым чынам уплывае на думкі і побыт беларусаў. А ці датычыцца “філасофія страху” тых, хто знаходзіцца “па той бок барыкадаў”?

— Для іх [прыхільнікаў гвалту. — Еўрарадыё] стаўкі таксама вельмі высокія, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё былы супрацоўнік БДУ, дацэнт кафедры філасофіі культуры Павел Баркоўскі. — Бо расставанне з уладай — гэта не проста параза ў палітычным змаганні, як для большасці дэмакратычных палітыкаў свету. Для іх гэта адначасова азначае страту ўсёй сістэмы жыцця, да якой яны прызвычаіліся. А часам гэта яшчэ пагражае ім зняволеннем на вельмі доўгія тэрміны. І канешне, з такімі стаўкамі відавочна, што ўсе іх дзеянні добра прыпраўленыя эмоцыяй страху — не згубіць, захаваць, прыціснуць так, каб ніхто нічога не рабіў.

На відэа ад праўладных СМІ відаць, як Аляксандр Лукашэнка ў часе візіту ў чырвоныя зоны з хворымі на COVID-19 неахвотна рэагуе на заўвагі медыкаў, якія прапануюць яму надзець ахоўную маску. Таксама беларускі кіраўнік дагэтуль не прышчапіўся ад каранавіруса — маўляў, чакае беларускую вакцыну.

Ці спрыяе такое стаўленне першай асобы дзяржавы іміджу вакцынацыі сярод беларусаў і што чакае грамадства, якому ў часе пандэміі дазволілі надзяваць маскі “па жаданні”?

— Нельга рабіць выбар за іншых людзей. Іншая справа, што тая сітуацыя, з якой мы зараз сутыкнуліся [мае на ўвазе кавід-дысідэнцтва і масавае захворванне на COVID-19. — Еўрарадыё], яна таксама лагічны вынік усіх тых дзеянняў, якія рабіліся ўладамі на працягу апошніх паўтара года, — упэўнены Павел Баркоўскі. — Па-першае, ігнараванне каранавіруса, якое вялося фактычна па ўсіх СМІ, калі даводзілася, што гэта проста псіхоз і на яго не трэба звяртаць увагу. Потым — вельмі непаслядоўная палітыка з вакцынаваннем, сама палітызацыя гэтага пытання, якая не дазваляе нам чамусьці купляць вакцыну за мяжой нават у тым выпадку, калі нам яе прапануюць па дэмпінгавых коштах.

Гэта прыводзіць да таго, што многія людзі не давяраюць уладзе. Не вераць у тое, што прапанаваныя вакцыны бяспечныя для здароўя, і не ідуць вакцынавацца. З іншага боку, у іх няма альтэрнатывы, каб вакцынавацца той вакцынай, якой яны давяраюць.

З масачным рэжымам тое ж самае: калі людзі разгубленыя, яны не ведаюць, ці то праўда, ці не. Паслядоўнай палітыкі нават медыцынскіх чыноўнікаў на гэты конт няма. Цяжка чакаць, што людзі ў такой сітуацыі разгубленасці могуць зрабіць свядомы выбар. Фактычна атрымліваецца, што адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне, нясуць не толькі людзі, якія не могуць выбраць, але і тыя, хто прывёў іх да сітуацыі, калі іх выбар ператвараецца ў нешта стыхійнае, — падсумоўвае навуковец.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.