Хэнлан адмовіўся ад ганарару, але Беларусь аплачвае яму гатэль і пералёты

Былы галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі Глэн Хэнлан, які зноў пачаў супрацоўнічаць з нашай камандай у якасці трэнеру абаронцаў і варатароў, адмовіўся ад ганарару.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў генеральны менеджэр зборных федэрацыі хакея Святаслаў Кісялёў. Паводле яго слоў, Хэнлан працуе з беларускай камандай не з-за грошай.

Святаслаў Кісялёў: “Яго рашэнне працаваць са зборнай Беларусі не матывуецца грашыма, яно матывуецца яго асабістым прафесійным жаданнем і нейкай прывязанасцю да нашай зборнай”.

Дарэчы, у часы, калі Глэн Хэнлан узначальваў зборную Беларусі, ён таксама адмаўляўся ад ганарару. А вось пералёты і гасцініцу як тады, так і цяпер канадскаму спецыялісту аплачвае федэрацыя хакею нашай краіны.

Святаслаў Кісялёў: “Вядома ж, ён не за свае грошы лятае. І пералёты, і пражыванне мы яму забяспечваем”.

Святаслаў Кісялёў адзначыў, што канадскі спецыяліст працягвае атрымліваць заробак у НХЛ, паколькі гэта прадугледжана яго кантрактам з “Вашынгтонам”.