Хлястоў: "Нейра Дзюбель — спяваў, Продзіджы — не прапаноўвалі"

Алеся, Хлястоў і Drum Ecstasy не супраць запісаць трыб’ют гурту The Prodigy, "Песняры" — пераспяваць “гімны” Майкла Джэксана, а Саладуха — The Beatles i Eagles.  Падставай для такога роду эксперыментаў стаў міфічны трыб’ют гурту The Prodigy з удзелам вядомых беларускіх музыкантаў, які ўжо некалькі дзён гуляе па блогасферы. Еўрарадыё вырашыла патэлефанаваць артыстам, чые імёны пазначаныя на складанцы, каб дазнацца меркаванне саміх “выканаўцаў” на гэты конт.



“Я думаю, што гэта які-небудзь цудоўны жарт," — смяецца Аляксей Хлястоў. — "Гэта абсалютная няпраўда. Хоць мне і прыемна, што мяне “прыплялі” да гэтай выдумкі”.

Пакуль жа артыст займаецца песняй для трыб'юта гурту Нейра Дзюбель, які ў гэтым годзе святкуе сваё 20-годдзе. Хутчэй за ўсё, распавядае спявак, гэта будзе песня “Переехало камбайном”. Але і паэксперыментаваць з песнямі The Prodigy Хлястову падаецца цікавым.   

Аляксей Хлястоў: “Я ўвогуле авантурыст у плане творчасці, магу ісці на сур’ёзныя кампрамісы ці ныраць у новыя праекты. Канечне, я б пагадзіўся запісаць трыб'ют, бо ўсё гэта новае і цікавае”.  

Аляксандра Ціхановіча і Ядвігу Паплаўскую, якія нібыта  “праспявалі” скандальную Smack My Bitch Up, пытанне пра ўдзел у трыб’юце заспела знянацку.

“Ды не, мне падаецца, што мы нічога не выконвалі,” — разгублена тлумачыць Аляксандр Ціхановіч. — "А што за песня? Можа я не ведаю проста, што гэта Продіджы?”  

Філіп Чмыр, лідэр Drum Ecstasy, прызнаецца, што прапановы паўдзельнічаць у трыб'ютах розным музыкантам гурт атрымоўвае вельмі часта, але пакуль іх нічога не зацікавіла. Да творчасці The Prodigy у музыкаў таксама не адназначнае стаўленне.   

“Бо The Prodigy — гэта занадта папсова," — распавядае Філіп Чмыр. — "Пра гэты дыск мы, вядома, нічога не чулі і не ведалі. Хоць The Prodigy быў бы для нас самым лёгкім варыянтам трыб’юта. Некаторыя элементы ў іх музыцы нам падабаюцца, і іх мы маглі б выкарыстоўваць. Але гэтыя вакальныя партыі і ўбогія пройгрышы, канечне, мы бы не паўтаралі”.

Аляксандр Саладуха марыць пра трыб'ют гуртам The Beatles цi Eagles, хто такія The Prodigy — увогуле не ведае.  

“Мне падабаецца “Hotel California” Eagles. Калі мы адпачываем за мяжой, гэтую песню заўжды “круцяць”, і я з задавальненнем пра сябе напяваю яе. Ці, напрыклад, “Yesterday” The Beatles. Вось такія рэчы мне падабаюцца. А гэта што за гурт такі? А-а-а-а-а," — раптам узгадвае спявак, — “Я бачыў рэкламу! Моцная рэклама, дарэчы! А адкуль гэты калектыў? Якую музыку яны іграюць? Першы раз чую, што я ўдзельнічаў у гэтым праекце”.

Спявачка Алеся ўпэўненая: нават калі дыск не існуе, сам факт існавання такіх спрэчак ў інтэрнэт-прасторы — прыкмета папулярнасці спевака і яго творчасці.

“Эксперыментаваць павінны ўсе выканаўцы ў розных накірунках,” — гаворыць Алеся. — “Я думаю, кожны б пагадзіўся паўдзельнічаць у такім трыб’юце, тым больш, што гурт прыязджае да нас з канцэртам. Таму я за такія эксперыменты! Мне ўвогуле вельмі падабаюцца любыя міксы і любыя дуэты”.

Інне Афанасьевай ідэя выпусціць трыб’ют таксама прыйшлася да спадобы.

“Канечне, я б паўдзельнічала, з радасцю! Мне цікава ўсё новае. Я, напрыклад, з задавальненнем запісала б трыб’ют Мадоне, мне вельмі падабаецца яе песня “Music”. Ці трыбьют для Уітні Хьюстан... Мне шмат хто падабаецца, Ледзі Гага таксама!” .  

Адназначнае “не” трыб’юту адказаў толькі Ўладзімір Шарапаў і гурт “Песняры”.

“Канечне, не! Гэта не нашая музыка, мы яе ніколі не слухалі — ні дома, ні ў машыне. І ў прынцыпе, нам яе ні іграць, ні слухаць нецікава. The Beatles, Eagles і нават Майкл Джэксан... “Гімны”, скажам так,  Майкла Джэксана, — вось гэта тое, што нам блізка."