Ігар Рынкевіч: У Казуліна спрабуюць скрасці некалькі гадзінаў волі

Начальнік калоніі “Віцьба-3” Віталь Агнісцікаў настойвае, каб палітвязень Аляксандр Казулін прыехаў на месца адбыцця пакарання сёння ў 20 гадзінаў. Нагадаем, Казулін быў адпушчаны на трое сутак на пахаванне жонкі. Фармальна гэтае рашэнне было прынятае Агнісцікавым у 20 гадзінаў 25 лютага, з калоніі ён павёз Казуліна ў Мінск праз 2 гадзіны, а на мінскай кватэры палітвязень аказаўся ў гадзіну ночы.

Вось што распавёў Еўрарадыё пра нядаўняе тэлефанаванне Агнісцікава былы адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч:

“Ён сказаў такім голасам заклапочаным, што "толькі 20.00, і ніякіх варыянтаў”. Я толькі пацвярджаю, што ягоная пазіцыя не грунтуецца на прававых нормах. Гэта значыць, што парушэнне крымінальна-папраўчага заканадаўства зноў паўтараецца.

Кожная гадзіна Аляксандра Казуліна на волі чамусьці становіцца небяспечнай, хаця ён сваімі паводзінамі дэманструе, што з'яўляецца не толькі законапаслухмяным грамадзянінам, але і настроены на канструктыўную палітыку”.


Рынкевіч лічыць, што гэта здзек з сям'і Казуліна. Палітвязень вымушаны вярнуцца ў той час, у які і патрабуе адміністрацыя калоніі, інакш яму пагражае крымінальная адказнасць. Ігар Рынкевіч перакананы, што ў Казуліна скралі восем гадзінаў волі.