Ірына Паплаўская памерла, чакаючы дапамогі ад Генеральнай пракуратуры
10 лютага Паплаўская ў чарговы раз прыехала ў сталіцу шукаць абароны ў Генеральнай пракуратуры, каля будынка якой ёй стала дрэнна.
Інвалід другой групы з Бярозы (Брэсцкая вобласць) Ірына Паплаўская памерла ў ноч з 10 на 11 лютага ў Мінску, так і не дачакаўшыся дапамогі ад Вярхоўнага суда і Генеральнай пракуратуры, паведаміла БелаПАН юрыст Тамара Сяргей.
Паводле яе слоў, 63-гадовая Паплаўская з 2007 года ўваходзіла ў склад групы жанчын, якія пацярпелі ад асабліва цяжкіх злачынстваў, не згодныя з рашэннямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах і крымінальных справах сваякоў.
У снежні 2010 года Паплаўская была на прыёме ў старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы, які абяцаў перагледзець яе справу ў адпаведнасці з законам.
"Аднак гэтага не адбылося, і ў студзені гэтага года жанчына атрымала чарговую адпіску. 10 лютага Паплаўская ў чарговы раз прыехала ў сталіцу шукаць абароны ў Генеральнай пракуратуры, каля будынка якой ёй стала дрэнна", — паведаміла Сяргей.