Італія вяртаецца на “Еўрабачанне” пасля 13-гадовага маўчання

Італія збіраецца вярнуцца ў песенны конкурс “Еўрабачанне”, якія яна ігнаравала цягам апошніх 13 год, паведамляе ВВС. Італьянскія спевакі ўдзельнічалі ў самым першым “Еўрабачанні”, якое прайшло ў 1956 годзе, і двойчы выйгравалі конкурс. Апошнім разам гэта адбылося ў 1990 годзе, калі перамог Тота Кутуньё. Аднак праз сем год Італія адмовілася ад конкурсу. Афіцыйна прычыны не называлі, але ж казалі, што праблема ў фінансах і ў нізкай грамадскай цікавасці да “Еўрабачання”. Аднак у траўні 2011 года італьянцы заспяваюць у нямецкім Дюсэльдорфе — менавіта там пройдзе наступны конкурс. Ходзяць чуткі, што прадстаўляць краіну на “Еўрабачанні-2011” будзе Наталі Джанітрапані, пераможца італьянскай версіі праграмы X Factor — папулярнага ў шмат якіх краінах тэлешоў, закліканага выяўляць музычныя таленты.