Каля беларускай амбасады ў Кіеве пралілі “беларускую кроў”

Яны правялі акцыю салідарнасці з беларускімі калегамі, затрыманымі падчас або пасля правядзення мірнай акцыі пратэсту 19 снежня.

Удзельнікі акцыі ўхвалілі зварот да беларускіх уладаў. Яны запатрабавалі вызваліць усіх удзельнікаў акцыі і кандыдатаў у прэзідэнты, затрыманых незаконна, а таксама спыніць масавыя рэпрэсіі супраць апазіцыі. Па словах Святланы Тарабанавай з праваабарончага цэнтру "Поступ" (Луганск), у Мінску было парушанае права грамадзян на мірныя сходы.

Тарабанава: “Сітуацыя ва Украіне таксама падобная. Права на свабоду мірных сходаў таксама нярэдка завяршаецца кепска для ўкраінскіх грамадскіх дзеячаў. Тое, што адбылося 19 снежня 2010 года, гэта надзвычайная праява жорсткасці у дачыненні да сваіх грамадзян, а таксама парушэння іхнага права на мірныя сходы”.

Удзельнікі акцыі вылілі на снег вадкасць, падобную на кроў. Такім чынам яны сімвалізавалі, што ў Беларусі падчас мірнай акцыі была пралітая кроў.

Між тым, сёння прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Валошын агучыў афіцыйны каментар Украіны пра падзеі ў Беларусі.  

Валошын: “У МЗС Украіны ўважліва назіраюць за развіццём сітуацыі ў Беларусі пасля выбараў прэзідэнта, якія адбыліся 19 снежня. Вітаючы волевыяўленне беларускага народу, мы будзем даваць свае ацэнкі ходу выбарчай кампаніі ды вынікам выбараў на аснове высноваў міжнароднай місіі назіральнікаў, у склад якой уваходзілі таксама і прадстаўнікі Ўкраіны, якія прадстаўлялі Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, а таксама Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Разам з тым, выклікае занепакоенасць непрапарцыйнае прымяненне сілы супраць удзельнікаў акцыі ды журналістаў, сутычкі прадстаўнікоў апазіцыі з органамі правапарадку, а таксама затрыманне некаторых кандыдатаў. Зараз мы правяраем інфармацыю пра наяўнасць грамадзян Украіны сярод затрыманых. Са свайго боку, украінскі бок зацікаўлены ў далейшым прагрэсе і кансалідацыі дэмакратычных каштоўнасцяў у Беларусі, а таксама выступае за працяг актыўнага дыялогу з афіцыйным Мінскам”.

Украінскія журналісты не выключаюць, што новая ўлада Украіны таксама пры выпадку зможа выкарыстаць "беларускі досвед”.

Сяргей Варапаеў, украінскі журналіст, акрэдытаваны ў Бельгіі: “Страхі дыктатара, як правіла, падштурхоўваюць яго да таго, каб трымаць у страху ўсіх астатніх. Толькі так ён адчувае сябе спакайней. І толькі гэтым можна растлумачыць такія акцыі, як тыя, што адбыліся ў Беларусі ўвечары 19 снежня. Але горш для нас, украінцаў, тое, што падобныя тэндэнцыі ўсё больш праяўляюцца ва Ўкраіне. Да іх можна аднесці крымінальныя справы, якія заводзяцца выключна супраць апазіцыянераў. Іншы выпадак, які выклікае як мінімум заклапочанасць, – збіццё дэпутатаў-бютаўцаў у парламенце дэпутатамі-"рэгіяналамі". Чым гэтае збіццё адрозніваецца ад нападу на кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Уладзіміра Някляева? І там, і там напад быў здзейснены падступна, ззаду. І там, і там – крывавыя наступствы. Адзінае адрозненне: у Беларусі сілу ўжываў спецназ, а ва Украіне – пакуль дэпутаты і іх калегі з выканаўчай улады”.


Фота: Багнет