Камісія ў справе беларускіх палякаў збярэцца яшчэ раз у красавіку

Беларуска-польская міждзяржаўная камісія працягвае дыялог пра Саюз палякаў у Беларусі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Павел Марчук. Чарговае паседжанне міжурадавай камісіі пройдзе ўжо неўзабаве. Павел Марчук: "Размовы ўвесь час працягваюцца. Найважнейшым з’яўляецца тое, што дыялог працягваецца, што ўвесь час ёсць пра што размаўляць і што адбудзецца наступная сустрэча камісіі. Праўдападобна, што наступнае паседжанне адбудзецца ці ў Мінску, ці ў Варшаве яшчэ да канца гэтага месяца".

Нагадаем, першае беларуска-польскае паседжанне ў справе Саюзу палякаў у Беларусі адбылося 19 сакавіка ў Міністэрстве замежных справаў у Мінску. Беларускую дэлегацыю ачоліў Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Польскі бок – першы намеснік міністра замежных справаў Анджэй Крамэр. Праца камісіі адбываецца ў закрытым рэжыме – без удзелу грамадскасці і журналістаў.