Кампанія "Будзьма" адмовілася ад удзелу ў прыватным "Свяце беларускай мовы"

Грамадская кампанія "Будзьма!" адмовілася ад удзелу ў "Свяце беларускай мовы", якое ладзілі студэнты Ўніверсітэту культуры і мастацтваў. Як паведаміла Еўрарадыё адна з каардынатарак кампаніі Ніна Шыдлоўская, гэта тлумачыцца чыста тэхнічнымі прычынамі, а не прынцыповай нязгодай.
Першапачаткова імпрэза была прызначаная на 24 лютага ў Палацы культуры Мінскага трактарнага заводу. На вечарыну ў якасці гасцей былі запрошаныя такія асобы, як Уладзімір Арлоў і Лявон Вольскі. Мерапрыемства абяцаў наведаць і міністр культуры Павел Латушка.

Аднак потым свята перанеслі ў сам універсітэт.

Шыдлоўская: Па рашэнні ініцыятараў, наколькі мне вядома, гэтае мерапрыемства было пераведзенае ў закрыты фармат і адбылося ў самім універсітэце культуры. Так бы мовіць, пры зачыненых дзвярах - то бок, для сваіх студэнтаў і выкладчыкаў з уваходам па адмысловым спісе.  

Кампанія "Будзьма", па словах Шыдлоўскай, вырашыла, што не мае сэнсу ўдзельнічаць у такім закрытым унутрыўніверсітэцкім свяце.