Каму больш патрэбныя нашы рэжысёры — Мінску ці Маскве?

Тэатральны крытык Павел Руднеў называе Вольгу Саратокіну і Яўгена Карняга самымі перспектыўнымі маладымі рэжысёрамі Беларусі
У Яўгена Карняга каля 15 задумак новых спектакляў, Вольга Саратокіна збіраецца ставіць п’есу культавага драматурга "новай хвалi" Марка Равенхiла. Цяпер яны вучацца ў Маскве ў магістратуры Цэнтра імя Ўс. Мейерхольда і, смеючыся, называюць сваё жыццё тэатрам “Недасып”. Абодва не ведаюць, дзе апынуцца пасля заканчэння магістратуры. І абодва адчуваюць, што ў Беларусі яны непатрэбныя.

У Маскве ў іх ёсць сцэна, дзе яны могуць ставіць свае спектаклі, і ёсць людзі, гатовыя ўспрымаць новы тэатр. Павел Руднеў, тэатральны крытык і арт-дырэктар Цэнтра імя Мейерхольда, пазнаёміўся з рэжысёрамі на фестывалі ў Магілёве і запрасіў іх у маскоўскую магістратуру.



Павел Руднеў: "Карняг, на мой погляд, спрабуе працаваць на тэрыторыі эксперыментальнай сучаснай харэаграфіі, прычым у самым радыкальным яе накірунку – спробе злучыць драматычны тэатр (экстрымальны, вельмі канфліктны спосаб існавання акцёра на сцэне) з сучаснай харэаграфіяй у духе Сашы Вальц, са спробай збочыць на тэрыторыю тэатра абсурда, тэатра, які парушае логіку сцэны. Даволі цікавы эксперымент. Яго спектакль “Не танцы”, — вельмі сур’ёзная заяўка на будучы тэатр.

Я ведаю, што Жэня здолеў сфарміраваць вакол сябе нейкую сур’ёзную каманду людзей, якія цяпер ад яго залежаць, здолеў стаць такім “гуру” ў сваім коле. На месцы ўладаў ці культурных чыноўнікаў я б ужо прыгледзеўся да яго як да чалавека, які патэнцыйна можа ўзначаліць тэатр. Свой, чужы — не істотна. Ён умее з’ядноўваць людзей".

Сам Яўген прызнаецца, што хоча працягваць працаваць са сваімі беларускімі акцёрамі. З імі ён стварыў ужо пяць спектакляў, сярод іх "Birthday party", "Не танцы", "Бесконечно", "Cafe "Поглощение".



Яўген Карняг:
"Мне больш даспадобы мае беларускія акцёры, чым маскоўскія, бо я з імі ўжо шмат зрабіў. І я такі ўласнік, што мне шкада тут увасобіць нейкую ідэю, якую будуць граць чужыя акцёры".

Руднеў кажа, што ў магістратуры Карняг займае асаблівае месца, бо ён усё ж-такі не драматычны рэжысёр. І педагогі, якія прыймалі яго, гэта разумелі.

Павел Руднеў: "Нават было пытанне пра тое, ці можам мы яго чаму-небудзь навучыць, калі ў яго мазгі ў бок харэаграфіі накіраваныя, а не ў бок драматычнай рэжысуры. Але ўсё роўна мы вырашылі не губляць таленавітага чалавека.

Адным словам, вось ён адасоблены, але я бачу, што ён рэпетуе кожны дзень: апантанна, ярасна, чуваць крыкі, акцёры стукаюць нагамі ў сценку, бо яны там бегаюць і скачуць… Важна, на мой погляд, каб ён працаваў у сябе на радзіме, а не застаўся ў Маскве. Пра гэта таксама трэба думаць".

Вольга Саратокіна таксама нестандартны сучасны рэжысёр. Мінчукі і жыхары Магілёва бачылі яе спектакль “Сталіца Эраунд”, аматары творчасці Б.Брэхта маглі бачыць урыўкі з “Мэ-ці — Кнігі перамен”, яна была дапаможнікам Монікі Дабраўлянскай у пастаноўцы “Войцэка” Бюхнера.

Цяпер яна ставіць Гогаля ў Маскве, мае планы паставіць новыя п’есы культавага драматурга “Новай хвалі” Марка Равенхіла. На пытанне, што дае ёй вучоба ў Маскве, Вольга адказвае канкрэтна.

Вольга Саратокіна: "Калі ў цябе была “столь” 2.20, то тут ён можа стаць 5.40. Але толькі ад цябе залежыць, стане ён такім ці не. Ну вось я адчуваю, як мой “паталок” падымаецца. Ужо адчуваю".

Яшчэ адна кароткая рэцэнзія на маладую беларускую рэжысуру ад Паўла Руднева. Цяпер ужо пра Вольгу Саратокіну.

Павел Руднеў: "Яна, бясспрэчна, рэжысёр сучаснай тэмы, сучаснай п’есы, сучаснага героя, чалавек, які адчувае эпоху. Вольгу пакуль не надта заўважаюць "вялікія" тэатры з магчымасцямі і здольнасцямі, але ў спектаклях альтэрнатыўных тэатраў, тэатраў памежных, можна нават сказаць маргінальных, яна праявіла сябе менавіта як таленавіты чалавек сучаснай тэмы".

На пытанне, дзе яны будуць жыць і працаваць пасля заканчэння магістратуры, абодва рэжысёры паціскаюць плячыма. Яны імкнуцца не загадваць і адгукаюцца на самыя розныя праекты розных краін. Іх адказы зводзяцца да таго, што жыць яны будуць там, дзе змогуць ставіць спектаклі і дзе іх будуць разумець. Ці будзе гэта Беларусь?


Гэтым сюжэтам мы распачынаем новую рубрыку. Чакаем ад вас, слухачы і чытачы Еўрарадыё, гісторый пра вашых знаёмых беларусаў, якія дасягнулі чагосьці па-за межамі нашай краіны. Мы зробім інтэрв'ю з імі, каб краіна ведала сваіх герояў! Пішыце нам на адрас: [email protected]