Камянецкі РАУС задушыў бунт у сухотным шпіталі

Канфлікт у Вярховіцкім шпіталі пачаўся ў аддзяленні, у якім пацыенты лечацца ад сухотаў прымусова. Паводле адміністрацыі шпіталю, дзяжурны міліцыянт заўважыў, што двое пацыентаў парушылі рэжым — здолелі дастаць бутэльку гарэлкі і выпілі. Згодна з правіламі, ён паспрабаваў даставіць пацыента на медыцынскі агляд, але той адмовіўся. Адбівацца ад міліцыянта яму дапамагала амаль усё аддзяленне. Міліцыянт звярнуўся па дапамогу ў РАУС.

Паводле пацыентаў, дапамога з РАУС з парушальнікамі абышлася жорстка. Міліцыянты выкарысталі гумавыя дручкі і адбілі выпіваку. Шпіталь не спаў да раніцы, хворыя крычалі, гучна абмяркоўвалі здарэнне. На наступны дзень яны адмовіліся ад сняданку і абеду.

Вядома, што алкагольныя напоі пацыентам дастаўляюць праз акно з іншага паверху. Пацыентам рэжымнага аддзялення жорстка забараняецца парушаць рэжым. Суд можа прыняць рашэнне наконт ужывання іншых мераў уздзеяння і лячэння.

Аляксей МУРЛАНАЎ, Еўрарадыё, Брэст